Пытанне транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Літву зноў апынулася ў цэнтры ўвагі. Паводле паведамленняў СМІ, Вашынгтон схіляе Вільню да таго, каб вярнуцца да абмеркавання гэтай тэмы, спасылаючыся на патрэбы сусветнага рынку ўгнаенняў і харчовай бяспекі.
Да 2022 года праз порт Клайпеды штогод праходзіла 5–7 млн тон беларускага калію, а даходы ад яго экспарту прыносілі Мінску ад 2 да 3 млрд долараў і забяспечвалі да 9% усіх экспартных паступленняў Беларусі. Аднак для Літвы гэта значна больш, чым эканамічнае пытанне. Спыненне транзіту стала адным з праяваў жорсткай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасля падаўлення пратэстаў і падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі.
Ці гатовая сёння Вільня да так званага прагматычнага дыялогу з афіцыйным Мінскам? Наколькі моцным можа быць уплыў Злучаных Штатаў на пазіцыю Літвы? І ці назіраецца ў краінах Балтыі стомленасць ад палітыкі ізаляцыі Беларусі? Пра гэта мы пагаварылі з аналітыкам Польскага інстытута міжнародных спраў (PISM) Томашам Здуньчыкам, які спецыялізуецца на краінах Балтыі.
— Наколькі рэалістычны сёння сцэнар аднаўлення транзіту беларускіх угнаенняў праз Літву? Ці гэта сапраўды абмяркоўваецца, ці хутчэй мы маем справу з прамацваннем грамадскай думкі?
— Вельмі цікавае пытанне. Унутры літоўскага ўрада няма поўнай згоды адносна таго, як варта вырашаць «беларускае пытанне». Меркаванні падзеленыя нават сярод прадстаўнікоў кіроўнай кааліцыі. Хутка адбудуцца змены ва ўрадзе, але, калі на чале МЗС стане Віргініюс Сінкявічус, істотнага павароту, хутчэй за ўсё, не будзе. Пазіцыя, якую цяпер прадстаўляе кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Кястуціс Будрыс, застанецца ранейшай: Літва не імкнецца да аднаўлення кантактаў з Мінскам.
Літоўскія ўлады разумеюць, што Беларусь можа прапаноўваць пэўныя саступкі — напрыклад, у пытаннях міграцыйнага ціску або спынення кантрабандных схем. Менавіта гэта Вільня і называла ўмовамі для магчымага пачатку дыскусіі. Таму сёння гэта сапраўды больш падобна да прамацвання грамадскай думкі літоўцаў.
З іншага боку, у Літве ўсё часцей гучаць заклікі выпрацаваць нейкую паслядоўную і цэласную палітыку ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта казаў, напрыклад, лідар найбуйнейшай партыі кіруючай кааліцыі — Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі — Міндаўгас Сінкявічус.
Не варта забывацца і пра ролю прэзідэнта. У Літве кіраўнік дзяржавы мае істотны ўплыў на фармаванне знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі. Гітанас Наўседа на сёння выключае магчымасць паразумення з Беларуссю. Разам з тым існуюць і іншыя галасы. Палітычная сіла «Зара над Нёманам», якая да нядаўняга часу ўваходзіла ў кіроўную кааліцыю, а таксама яе лідар Рэмігюс Жамайтайціс выступалі за аднаўленне супрацоўніцтва. Падобныя меркаванні гучалі і з боку партыі Вальдэмара Тамашэўскага — Саюза хрысціянскіх сем'яў, партыі польскай меншасці, якая падтрымлівае нармалізацыю эканамічных кантактаў з Беларуссю.
Тым не менш агульная карціна сёння выглядае так: Літва наўрад ці прыме нейкае сур'ёзнае рашэнне адносна Беларусі без выразнага сігналу або моцнага ціску з боку Злучаных Штатаў. Менавіта амерыканскі фактар можа стаць вырашальным для змены цяперашняга падыходу.
— Калі цяпер у Вільні няма жадання да новага адкрыцця ў адносінах з Лукашэнкам, ці можа гэта змяніцца, калі ЗША зоймуць больш жорсткую пазіцыю і працягнуць дыялог з Мінскам?
— У Літве, дарэчы, як і ў Польшчы, і, падазраю, ва Украіне, уважліва назіраюць за тым, што робіць адміністрацыя Трампа ў дачыненні да Беларусі. Сочаць за дзеяннямі спецыяльнага пасланніка Дональда Трампа на беларускім кірунку Джона Коўла. Калі амерыканскі ціск будзе ўзмацняцца, Літва, безумоўна, будзе арыентавацца найперш на пазіцыю Вашынгтона.
Для Вільні надзвычай важна заставацца надзейным саюзнікам Злучаных Штатаў, бо гэта галоўны саюзнік. Таму ў літоўскай палітычнай прасторы ўжо гучаць меркаванні, што, калі Вашынгтон будзе настойваць на аднаўленні транзіту, такую магчымасць давядзецца сур'ёзна разглядаць. Калі ЗША, напрыклад, ініцыююць сустрэчу паміж прадстаўнікамі Літвы і Беларусі ў Вашынгтоне, літоўскія ўлады будуць вымушаныя ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Так гавораць літоўскія палітыкі.
Аднак трэба падкрэсліць: сёння ні МЗС, ні прэзідэнт, ні прэм'ер не дэманструюць асаблівага энтузіязму адносна такой перспектывы. Без моцнага амерыканскага фактару літоўскі ўрад сам па сабе не схільны вяртацца да гэтай тэмы.
— Ці можна казаць пра пэўную стомленасць ад палітыкі поўнай ізаляцыі Мінска ў краінах Балтыі? Падобна да таго, як на Захадзе часам гавораць пра так званую стомленасць ад вайны ва Украіне?
— Думаю, што гэта было б перабольшванне. Безумоўна, ёсць пэўныя праблемы, бо Клайпеда была ключавым портам для беларускага экспарту. Цяпер гэты экспарт ідзе праз расійскія парты, найперш праз порт Бронка каля Санкт-Пецярбурга. Але з другога боку, Літва добра ўсведамляе, што Расія і Беларусь успрымаюцца як пагроза нацыянальнай бяспецы. Для літоўскіх уладаў гэта пытанне жыццёва важных інтарэсаў — прадухіліць любыя агрэсіўныя дзеянні з боку беларуска-расійскага тандэму. Менавіта праз такую прызму краіны Балтыі глядзяць і на падтрымку Украіны.
Таму я не сказаў бы, што гаворка ідзе пра стомленасць. Магчыма, яна праяўляецца ў асобных асяродках, напрыклад сярод прадпрымальнікаў. Бізнес, натуральна, нясе страты з-за спынення транзіту і згортвання эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Але калі паглядзець на дзеянні літоўскай дзяржавы, то мы хутчэй бачым не стомленасць ад Беларусі, а далейшае ўспрыманне яе як крыніцы пагрозы.
І справа не толькі ў калійных угнаеннях. Застаецца тэма Беларускай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца прыкладна за 50 кіламетраў ад Вільні. Літва з самага пачатку выступала супраць гэтага праекта і называла яго пагрозай сваёй бяспецы. Гучалі паведамленні пра тэхнічныя праблемы падчас будаўніцтва, што толькі ўзмацняла недавер.
Яшчэ адзін фактар — міграцыйны крызіс. Ціск на літоўскую мяжу не спыніўся, ён толькі стаў менш інтэнсіўным. Ёсць і праблема кантрабанды цыгарэт, якія трапляюць у Літву з Беларусі. У літоўскай дыскусіі часта падкрэсліваюць, што гаворка ідзе пра прадукцыю фабрыкі ў Гродне, падкантрольнай рэжыму Лукашэнкі. Усё гэта фармуе ўяўленне пра Беларусь як пра пастаянную крыніцу рызыкі.
Таму цяжка сцвярджаць, што ў Літве існуе нейкае моцнае грамадскае запатрабаванне на аднаўленне адносін з Мінскам. Магчыма, у бізнес-колах такія настроі ёсць, але я не сустракаў прамых выказванняў, якія дазвалялі б казаць пра маштабную «стомленасць». У дзяржаўных структурах гэтага таксама не відаць. Хутчэй можна заўважыць імкненне да большага прагматызму.
Гэта звязана і з унутранай палітычнай канкурэнцыяй. Папярэдні ўрад кансерватараў і хрысціянскіх дэмакратаў будаваў палітыку найперш на каштоўнасцях: поўная падтрымка Украіны, крытычнае стаўленне да беларускага рэжыму, падтрымка Святланы Ціханоўскай. Цяперашнія ўлады спрабавалі ўнесці больш рэалізму і прагматызму, у тым ліку ў адносінах з Кітаем. Часам гучалі заявы, што, магчыма, з Беларуссю таксама варта шукаць іншыя падыходы. Але гэта, хутчэй, было часткай унутрыпалітычнай палемікі і спробай паказаць, што можна дзейнічаць не так, як папярэднікі.
У практычным вымярэнні істотных зменаў не адбылося. Больш за тое, пасля таго як беларускія ўлады прызналі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні «экстрэмісцкай» структурай, літоўскі бок адрэагаваў вельмі жорстка, заклікаючы міжнародную супольнасць асудзіць пераслед. Раней менавіта Літва актыўна прасоўвала ідэю прыцягнення беларускіх уладаў да міжнароднай адказнасці за транспамежныя злачынствы супраць чалавечнасці.
Таму дэ-факта нічога не мяняецца, і без амерыканцаў ці нейкага іншага моцнага знешняга фактару літоўская палітыка наўрад ці зменіцца. Пэўныя планы былі, але яны не знайшлі практычнага вымярэння.
Слухайце аўдыё!
эж